Сайт ЦТДиМ Слоним. Учреждение дополнительного образования ЦТДиМ Слоним.


Перейти к содержанию

Главное меню:


Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў праз паэтычную творчасць

Статьи

Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці
навучэнцаў праз паэтычную творчасць

З вопыту работы

Аўтары - складальнікі:
педагог дадатковай адукацыі ДУА "Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Т.У. Трафімчык,
метадыст ДУА "Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”
Н.М. Якута


I.    Уводзіны
У апошнія гады цяжэй стала працаваць з падлеткамі і моладдзю, таму што патрэбна пастаянна пераадольваць перашкоды, якія ствараюць нам цынізм, абыякавасць і іншыя адмоўныя якасці. Адукацыйная абмежаванасць дапаўняецца абмежаванасцю культурнай, агрэсіўнымі адносінамі да ўсяго, што выходзіць за межы ўласных уяўленняў аб жыцці. Адбываецца рэзкае паніжэнне каштоўнасцей духоўнай культуры, не прымаецца лепшае з сусветнай і айчыннай культуры.
Адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Без ведання сваіх вытокаў немагчыма па-сапраўднаму палюбіць родны край, яго спадчыну, стаць патрыётам. Гэты напрамак работы вядзецца ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнцаў "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і скіраваны на комплекснае і сістэматычнае вывучэнне гісторыі, культуры і прыроды малой радзімы. Педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі – актыўныя ўдзельнікі гэтай акцыі.
Веданне гісторыі свайго краю дазваляе па-новаму асэнсаваць мінулае, сучаснае і прадставіць будучае, сфарміраваць неабходныя каштоўнасныя арыенціры. Таму выхаванне грамадзяніна, патрыёта неабходна ажыццяўляць праз вывучэнне сваіх каранёў і сваіх вытокаў. І педагогу, як нікому другому ў век цывілізацыі, трэба выконваць самую адказную місію на Зямлі – далучаць сваіх выхаванцаў да прыгажосці роднай мовы, культуры, выхоўваць павагу да гісторыі, традыцый, культуры роднага краю.
Наша родная беларуская мова такая чыстая, узнёслая і велічная. Як мала мы, беларусы, ведаем і любім сваю мову і сябе. Зараз востра стаіць пытанне захаваць беларускую культуру і мову. Таму узнікла неабходнасць мэтанакіраванай працы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці ў навучэнцаў праз вывучэнне нацыянальнуай культуры як фундаментальнай духоўнай каштоўнасці народа.
Даследаванне з’яўляецца вынікам шматгадовай працы (больш за 15 год) над праблемай развіцця паэтычна-творчых здольнасцей навучэнцаў.
Аўтарам вопыту прапануецца сістэма творчай дзейнасці педагога па фарміраванні паэтычных здольнасцей дзяцей. Педагогам створана адукацыйная праграма літаратурнага аб’яднання. (Дадатак 1).
Вядучай ідэяй дадзенага вопыта з’яўляецца фарміраванне літаратурных творчых здольнасцей навучэнцаўна аснове паэтычнай творчасці на беларускай мове. Найбольшую цікавасць прадстаўляе выкарыстанне на занятках аб’яднання аўтарскай метадычнай сістэмы па навучанні вершатворчасці.
Навізна заключаецца ў абагульненні ўласнага пелагагічнага вопыту па навучанні дзяцей лірыцы праз творчасць, у распрацоўцы метадычнай сістэмы па гэтай праблеме, у падрыхтоўцы і публікацыі навуковых артыкулаў па тэме даследавання.
У рамках праведзенай работы знайшлі адлюстраванне такія накірункі ідэалагічнага выхавання, як фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскасці, патрыятызму, духоўнасці асобы ў працэсе дзейнасці літаратурна-творчага аб’яднання.
Мэта дадзенай работы – апісанне метадычнай сістэмы працы паэтычнага гуртка па фарміраванні нацыянальна свядомай асобы навучэнцаў праз літаратурную творчасць на аснове навучання творчасцю на роднай мове, на творах беларускіх паэтаў і паэтаў-землякоў, на фальклоры.
Задачы работы па абагульненні вопыту:
- раскрыць прынцыпы патрыятычнага выхавання, пакладзеныя ў аснову працы літаратурнага аб’яднання;
- выявіць метады і прыёмы патрыятычнага выхавання навучэнцаў, эфектыўныя формы выхавання патрыятызму;
- паказаць адукацыйнае асяроддзе, якое забяспечвае фарміраванне ў навучэнцаў сістэмы агульначалавечых каштоўнасцей, разумення ролі сваёй нацыі ў сусветным гістарычным працэсе.
Аб’ект даследавання – патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у працэсе іх літаратурнай мастацкай адукацыі і творчага развіцця.
Прадмет даследавання - умовы, формы і метады патрыятычнага выхавання навучэнцаў у працэсе далучэння іх да скарбаў нацыянальнай культуры.
Гіпотэза даследавання:выхаванне нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў эфектыўнае пры наступных умовах:
·    элементы нацыянальнай паэзіі стануць аб’ектам спецыяльнага вывучэння з улікам каштоўнасна-патрыятычнай характарыстыкі твораў беларускай літаратуры ў адукацыйным працэсе;
·    развіцця ў працэсе літаратурна-творчай працы цікавасці навучэнцаў да засваення маральных паняццяў шляхам творчасці і аналізу па творах беларускай літаратуры ( у тым ліку па творах паэтаў-землякоў), якія адлюстроўваюць любоў да роднага краю, народа і прыроды Беларусі;
·    выкарыстання ў адукацыйным працэсе найбольш эфектыўных форм, метадаў і сродкаў навучання, якія фарміруюць патрыятычныя пачуцці, перакананні і вопыт эстэтычнай дзейнасці праз творчасць на роднай мове.
·     асобасна-арыентаванага характару выхавання, накіраванага на рэалізацыю індывідуальных запытаў навучэнцаў і іх бацькоў.

Метадалагічнай асновай вывучэння вопыту з’яўляюцца псіхалагічныя і педагагічныя ідэі аб сутнасці асобы, аб агульным працэсе самавызначэння асобы, аб уліку ўзроставых і індывідуальных здольнасцей асобы. У аснову даследавання пакладзены метадалагічныя канцэпцыі, якія непасрэдна звязаны з праблемай разумення феномену патрыятызму.
У ходзе работы былі разгледжаны нарматыўна-метадычныя матэрыялы (палажэнні, загады, канцэпцыі), якія тычацца патрыятычнага выхавання моладзі ў навучальных установах.
Прагноз выніковасці.
Можна выказаць меркаванне, што пры захаванні паказаных умоў магчымыя наступныя вынікі:
- павышэнне ўзроўню развіцця дзіцяці, яго вучэбнай матывацыі і актыўнай жыццёвай пазіцыі праз літаратурную творчасць на роднай мове, праз сувязь з нацыянальнай беларускай літаратурай і культурай;
- фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і паглыбленне пачуцця патрыятызму і гонару за Радзіму праз развіццё эстэтычнага пачуцця ў працэсе творчасці і знаёмства з ёй праз сродкі масавай інфармацыі рэгіёну;
- забеспячэнне ўмоў для самавыражэння і развіцця творчага патэнцыялу кожнага навучэнца, павышэння яго грамадскага і асабістага статусу.
Метады даследавання:
-вывучэнне педагагічнай і метадычнай літаратуры па праблеме даследавання;
- назіранне за дзейнасцю навучэнцаў, гутаркі, анкетаванне.

II.    Сістэма работы педагога па выхаванні нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў праз паэтычную творчасць
Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў аб’яднанні "Літаратурная творчасць”, дзе праз творчасць фарміруюцца глыбокія нацыянальныя пачуцці, перакананні, якія становяцца стымулам да актыўнай грамадзянскай пазіцыі чалавека, накіравана на выхаванне свядомай асобы, якая толькі пад уплывам цеснай сувязі з жыццём свайго народа, з яго мовай, культурай і традыцыямі можа развіваць свае творчыя магчымасці.
Гурток літаратурнай творчасці сваю задачу па нацыянальным адраджэнні бачыць у тым, каб выхоўваць нацыянальную самасвядомасць праз дзіцячую паэтычную творчасць на роднай беларускай мове. Паэтычны гурток адкрывае навучэнцам прыгажосць бачання свету праз творчае натхненне, якое можа быць выклікана толькі адным пачуццём – пачуццём любові. Самае святое пачуццё замілавання – гэта пачуццё любові да Радзімы, яе прыроды, яе народа. Вось чаму гэтыя тэмы сталі асноўнымі для творчасці дзяцей. Любоў да Бацькаўшчыны, сапраўдная, шчырая, моцная, змяняе душу чалавека.
Нацыянальная свядомасць і гонар за свой край фарміруецца ў сям’і. Мы разумеем, што любоў і павага да Бацькаўшчыны пачынаюцца менавіта з любві да бацькі і маці, да сваёй сям’і, да месца нараджэння і жыхарства. Любіць свой "родны кут” – адсюль пачынаецца асабістае далучэнне да вялікай Радзімы і разуменне таго, што ты – яе грамадзянін. Актыўнымі удзельнікамі аб’яднання з’яўляюцца бацькі, яны разам з дзецьмі пішуць вершы, арганізоўваюць і праводзяць фальклорныя святы (дадатак 6), друкуюць свае вершы ў газеце аб’яднання. Бацькі разам з дзецьмі вучацца любіць свой край, прысвячаючы яму творы на роднай мове.Сумесныя святы аб’ядноўваюць сям’ю і гурток, збліжаюць, робяць аднадумцамі.

Праца аб’яднання "Літаратурная творчасць” па выхаванні нацыянальна свядомай асобы вядзецца па наступных накірунках:
·    напісанне вершаў, сачыненняў, навуковых прац на беларускай мове;
·    сувязь літаратурнай творчасці з успрыняццем твораў беларускай літаратуры, прысвечаных роднай зямлі;
·    творчае перайманне літаратурных прыёмаў фальклорных твораў (песень, загадак, казак), вывучэнне беларускіх народных абрадаў;
·    глыбокае і ўдумлівае вывучэнне беларускай прыроды, назіранне за ёй пры правядзенні "вобразатворчых” экскурсій з мэтай напісання вершаў аб родным краі;
·    цесная сувязь з мясцовымі літаратарамі, са Слонімскім літаратурным аб’яднаннем імя Анатоля Іверса, з "Газетай Слонімскай” і "Слонімскім веснікам”, з раённай бібліятэкай імя Я.Коласа, з дзіцячай раённай бібліятэкай з мэтай прапаганды вучнёўскай творчесці, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі, вывучэння літаратурнага краязнаўчага матэрыялу ў час літаратурных сустрэч;
·    удзел у літаратурных конкурсах, прысвечаных роднаму краю, яго людзям і падзеям ( вывучэнне жыцця святых асоб Беларусі праз напісанне навуковых работ на конкурс ДУА "Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла” БДУ).



III.     Некаторыя метадычныя падыходы да рэалізацыі прынцыпу творчай дзейнасці педагога і навучэнцаў

М.А. Лазарук у сваёй працы «Навучанне і выхаванне творчасцю» [8] прадэманстраваў, як можна навучаць праз творчую дзейнасць. Гэта вельмі важны падыход пры навучанні лірыцы, бо яна ўспрымаецца няпроста, нават выклікае пэўныя цяжкасці ў навучэнцаў, а іншы раз і ў педагогаў. Даследчыца паэтычнага тэксту Н.П. Капшай адзначыла: «...самая большая трудность в изучении лирики остается прежней и состоит в том, что (как это ни банально звучит) «анализ поэтического текста – один из самых сложных, он дается не каждому» [6, с.13]. Займаючыся творчай дзейнасцю (напісаннем вершаў), дзеці пад кіраўніцтвам педагога знаёмяцца з тэорыяй літаратуры, а таксама выпрацоўваць у сабе навыкі аналізу паэтычнага тэксту. Эмацыянальнасць дзяцей трэба разглядаць як адну з самых важных умоў для таго, каб развіваць творчыя здольнасці. Даследчык педагогікі мастацтва А.А.Мелік-Пашаеў пісаў: «Дети вообще близки к так называемому «художественному» типу, для которого характерны яркость восприятия, наглядная, образная память, богатство воображения и некоторая недостаточность абстрактного мышления» [10, с.13]. Істотную ролю ў развіцці пісьменніцкіх паэтычных здольнасцей у дзяцей адыгрывае іх схільнасць да гульні. Псіхолагі ставяць знак роўнасці паміж гульнёй і мастацтвам. Д.Б.Эльконін падкрэсліваў, што ў гульні «дзіця прапускае праз перажыванне новыя з’явы, якія ўразілі яго».
Займаючыся вершатворчасцю, навучэнцы знаёмяцца з прыёмамі паэтычнай творчасці, што прымушае іх свядома і з любоўю адносіцца да прыгажосці паэзіі». Педагог-эксперыментатар А.В.Міртаў адзначаў, што, каб навучанне напісанню вершаў было паспяховым, трэба прытрымлівацца трох умоў:
1) педагог павінен сам моцна любіць паэзію, хаця не абавязкова умець пісаць вершы;
2) у працэсе навучання трэба выкарыстоўваць практычныя звесткі па тэорыі літаратуры, знаёміць з тэхнікай верша;
3) навучэнцы павінны чытаць уголас і па памяці тыя вершы, якія ім найбольш спадабаліся.
Апошняе абумоўлена тым, што «ўплыў слова на слухача мацнейшы, чым ўплыў друкаванага тэксту на чытача» [15, с.147]. Працуючы з дзецьмі, варта прытрымлівацца поглядаў метадыста М.А.Рыбнікавай, якая раіла ў пастаноўцы тэм для творчасці ісці пераважна ад перажытага; яна падкрэслівала, што педагог павінен клапаціцца аб тым, каб навучэнцы сістэматычна атрымлівалі багатыя ўражанні. Вучоная пісала: «Першае дыдактычнае правіла: навучанне павінна ўздзейнічаць на розныя бакі ўспрымання, на розныя органы пачуццяў і на розныя сферы свядомасці; гэта патрабаванне павінна адначасова адпавядаць нормам здаровай дазіроўкі гэтых уражанняў, іх устойлівасці і пастаянству» [15, с.32].
На занятках паэтычнага гуртка трэба ствараць атмасферу, якая спрыяла б творчасці дзяцей:
·    гэта шматузроставы падбор дзяцей, бо меншыя падлеткі з задавальненнем уступаюць у зносіны і творчасць са старэйшымі;
·    гэта экскурсіі ў прыроду (розныя поры года і сутак), паездкі і паходы да цікавых асоб; гэта таварыскія творчыя зносіны дзяцей з мясцовымі паэтамі і настаўнікамі – аматарамі паэзіі;
·    гэта падтрымка кожнага з навучэнцаў, хто напісаў хаця б некалькі радкоў або вершаў, бо «для падлетка літаратурная творчасць – не гульня, а сур’ёзны занятак» [22, с.649].
Варта падкрэсліць, што заняткі ў літаратурна-творчым гуртку не ставяць мэтай падрыхтоўку да літаратурнай дзейнасці, яны спрыяюць развіццю назіральнасці, творчага ўяўлення, вобразнага мыслення, эстэтычнага густу, прывіваюць любоў да мастацтва слова, творчыя адносіны да працы. У атмасферы творчасці, адзінства, гарэння лёгка пішуць вершы і навучэнцы, і педагогі, якіх захапляе юнацкі запал падлеткаў. Псіхолаг А.А. Смірноў пісаў пра юнацтва: «У гэты час бывае паэтам кожны. Зараз творыць самы практычны дзялок у будучым» [16, с.105].
Тэмы творчасці спрыяюць самарэалізацыі асобы, падлеткаў цікавяць маральна-эстэтычныя праблемы, дзеці даюць крытычную ацэнку ўчынкам людзей, іх прывабліваюць подзвігі, адкрыцці, моцныя характары, тэмы дружбы і любові, узаемаадносіны з бацькамі. Асабліва важна развіваць творчыя здольнасці падлеткаў сярэдняга ўзросту.
Тыя тэмы, якія хвалююць падлеткаў, хвалявалі і класікаў. Вось чаму варта параўноўваць творы дзяцей з творамі пісьменнікаў на адну тэму, каб дзеці вучыліся ў класікаў. «Разумная методыка пісьмовых работ патрабуе падрыхтоўкі да працы, да пастаноўкі тэмы, патрабуе загадзя прыцягнуць матэрыял, правесці папярэднія моўныя практыкаванні і г.д. ...У сістэму працы абавязкова ўваходзіць пытанне аб выпраўленні пісьмовых работ

IV. Літаратурная творчасць на роднай мове
”Бедны той, хто... не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб,
Каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, - гэта любоў да
Бацькаўшчыны,да свайго народа, да роднай мовы...”
Цётка
Адносіны да духоўнай спадчыны свайго народа, да мовы продкаў выяўляюць агульную культуру і грамадскую годнасць чалавека. І хоць сталася так, што сёння беларуская мова нячаста гучыць на гарадскіх і нават вясковых вуліцах, наафіцыйных нарадах, у навуковых і навучальных установах, нават школах, большасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь лічыць яе роднай.
Духоўная самабытнасць кожнага народа найлепш выяўляецца ў родным слове. Беларуская мова – адметная форма нашай культуры, якую народ абавязаны шанаваць і аберагаць, каб не адысці ў нябыт.
Развіццё беларускай мовы стала фундаментальнай асновай для ўзнікнення, станаўлення і развіцця нашай нацыі. Выхаванне патрыятызму праз роднае слoва ў Беларусі яшчэ толькі пачынаецца. Адраджэнне беларускай культуры – складаны і шматгранны працэс, у аснове якога ляжыць пашана да роднай мовы як галоўнага духоўнага здабытку народа.Мова суправаджае свядомую дзейнасць чалавека на працягу ўсяго жыцця, вось чаму мове вучаць ад нараджэння. Яна выступае як сродак навучання, развіцця і патрыятычнага выхавання асобы. Іншага раўназначнага з мовай па сваіх магчымасцях дыдактычнага сродку педагогіка не мае, паколькі па значэнні яна звязана з чалавекам – носьбітам свядомасці, а свядомасць знаходзіцца ў адзінстве з мовай і маўленнем.
Стан беларускай мовы ў сучасным грамадстве -наш агульны клопат. Таму проаца педагога накіравана перш за ўсё на тое, каб навучэнцы ў належнай ступені асэнсавалі той факт, што мова не проста этнічная прымета, а асноўны элемент духоўнай культуры, фальклору, літаратуры, рэлігіі, мастацтва.
На педагога ўскладваецца вялікая адказнасць за фарміраванне высокамаральнай творчай асобы з высокім узроўнем культуры і нацыянальнай самасвядомасці, здольнай дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы і свайго народа.
Клопатамі гуртка літаратурнай творчасці развіваецца эсттэтычная пазіцыя навучэнцаў – імкненне захапляцца Бацькаўшчынай, яе прыродай. Для гэтага гурток арганізоўвае сустрэчы з захопленымі Радзімай людзьмі. Пасля такіх сустрэч эмацыянальнае ўзрушэнне перадаецца дзецьмі праз паэтычнае слова, ствараючы вобразны малюнак Айчыны. Гэтая праца робіцца з адной мэтай – стварыць свята для душы, свята любові, што і з’яўляецца крыніцай творчасці. Праз любоў да Бацькаўшчыны, якая нагадвае крынічку, што выцякае з дзіцячага сэрца рэчкай любові і поіць душы многіх дзяцей, пра гэта верш "Крыніца”, напісаны ў гуртку Сцяцэнка Тарасам:
Імчыць у даль лагодна між вёсак крыніца,
Бурліць і пяе залатая вадзіца,
Усе людзі гавораць, тут месца святое,
А ноч на Купалле яно залатое.
Стаяць берагамі старыя крыжы,
І чуйна галосяць над імі стрыжы.
Кажнюткі дзянёк паглядзець у люстэрка
Бяжыць з бліжняй вёскі хлапчына Валерка.
А сэрца крыніцы любоўю жыве,
І конікі гучна цвыркочуць у траве.
Пяшчотна крыніца душу абаўе,
З сабою напасці ўсе панясе.

    Вось так, як гэтая крыніца, павінна бурліць і залаціцца у душах нашых дзяцей шчырая любоў да Бацькаўшчыны, якую можна назваць "золатам” душы чалавечай асобы, бо гэтая любоў дапаможа дзіцяці выстаяць, не зламацца ў наш час, час насілля і гвалту, які сыплецца на кволыя душы дзетак з тэлеэкранаў, інтэрнэту і які ідзе ад жорсткага прагматычнага жыцця. Нам так не хапае зараз любові. Адкінуўшы духоўную спадчыну нацыі, мы адкінем ад нашых дзетак любоў. Душа ж павінна любіць, інакш яна будзе ненавідзець. На сваіх занятках педагог вучыць любові так, як гэта робіцца ў дюдзей: любові да мовы, да народа, да роднай зямлі. А каб гэтая любоў праходзіла праз душу, трэба выхоўваць на нацыянальных асновах.
V. Сувязь літаратурнай творчасці з успрыняццем твораў беларускай літаратуры

Асэнсаванне сябе грамадзянінам роднай Беларусі, пачуццё нацыянальнай свядомасці добра фарміруецца пры знаёмстве з творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, такіх, як Я. Колас, Я. Купала, П.Броўка, Я. Янішчыц, І. Войтка і інш. Усе беларускія паэты любяць свій край, народ, родную мову. Вось чаму іх творы пастаянна выкарыстоўваюцца на занятках аб’яднання "Літаратурная творчасць”, бо неабходнай умовай літаратурнай творчасці навучэнцаў з’яўляецца яе адзінства з успрыманнем мастацкай літаратуры. Родны край, свій народ, яго мову, беларускія пейзажы, іх фарбы, гукі галасоў (птушак, жывёл, чалавека), пахі – ўсё гэта трэба навучыцца ўспрымаць і ўсё гэта трэба адпаведна называць. А ўсё гэта ўжо напісана і названа Купалам, Коласам, Броўкам і інш. Вось што піша пра сувязь творчасці з вывучэннем літаратурнага мастацтва вучоная М.А.Рыбнікава: "… кожнае новае пакаленне … шукае свае словы і выразы, вучачыся адначасова ў тых, у каго атрымалася некалі сказаць аб тым з найвышэйшым майстэрствам і прыгажосцю”. [15, С. 208].
У літаратурным аб’яднанні пастаянна выкарыстоўваюцца творы мастацкай літаратуры, каб вучыцца на іх. Навучэнцы часта пішуць твор, падобны да таго ці іншага твора класіка. Ці добра гэта, што навучэнцы пераймаюць верш паэта-прафесіянала? Даследчык педагогікі мастацтва А.А. Мелік-Пашаеў піша наконт гэтага: "Для тых, хто збіраецца прысвяціць сябе творчай дзейнасці ў мастацтве, такі этап і непазбежны і неабходны. Для тых, хто не збіраецца, ён гэтак жа неабходны і нават звязаны з галоўнай мэтай іх мастацкага развіцця – набыццём сапраўднай культуры эстэтычнага ўспрыняцця”. [10, с.76].
На занятках аб’яднання важным, нават галоўным метадам навучання з’яўляецца навучанне творчасцю, апісаным М.А.Лазаруком у кнізе "Навучанне і выхаванне творчасцю”. Гэта адбываецца на занятках па напісанні стылізацый на творы прафесійных паэтаў. (Дадатак 2).
Настольнай кнігай педагога і навучэнцаў стала паэма Я.Коласа "Новая зямля”, яна выкарыстоўваецца, каб бачыць на творчых экскурсіях прыроду так, як яе бачыць прафесійны паэт, дабаўляючы да яго эстэтычных перажыванняў свае эмоцыі, што і ёсць элементам навучання творчасцю. Гэта спрыяе набыццю дзецьмі вопыту эстэтычных перажыванняў, што фарміруе асобу навучэнца, яго эстэтычныя адносіны да роднага краю. ( Дадатак 3).
Пішучы свае творы пад уплывам прафесійных паэтаў, навучэнцы пераймаюць форму іх твораў, уводзячы свій змест, што з’яўляецца прыкметай сатворчасці з аўтарам, улюблёным у свій край.


VI.Творчае перайманне літаратурных прыёмаў фальклорных твораў

Мінаюць гады, прабягаюць стагоддзі, але нязменным застаецца адно – мудрасць людскіх пакаленняў, якія жылі на нашай зямлі. Гэта наш скарб, наша бясцэнная каштоўнасць. Гісторыя – гэта змена пакаленняў. Што пакінем нашчадкам? Ці зможам захаваць і беражліва перадаць лепшае, што ёсць у нас? Што ёсць для нас наша мова? Гэта, вядома ж, беларускі фальклор.
Фальклор – гэта шматвекавы пласт культуры, з якім неразрыўна звязана гісторыя нашага народа. У яго аснове закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, спасобны садзейнічаць гарманічнаму развіццю асобы, фарміраванню сістэмы каштоўнасцей. Гэта чароўныя казкі, чутыя ў маленстве, матчыны калыханкі, бабуліны песні, беларускія абрады і бацькаўская зямля, дзе кожны ўзгорачак і кветачка маюць сваю непаўторную назву, ад якой шчыміць у замілаваннісэрца.
Педагогам трэба выхоўваць нацыянальную душу сродкамі беларускага фальклору. Як жа гэта рабіць? Па-першае, гэта душа павінна ўвабраць у сябе шмат станоўчых эмоцый, многае адчуць; па-другое, заглыбіцца ў гістарычнае мінулае свайго народа праз вывучэнне яго абрадаў і традыцый, па-трэцяе, шмат ведаць пра культуру нацыі, яго багатую духоўную спадчыну. Каб любоў да Бацькаўшчыны праходзіла праз душу, трэба выхоўваць на нацыянальных асновах.
Вывучэнне народнай спадчыны вяртае душы гістарычную памяць, повязь пакаленняў. Каб душа чалавека адкрылася на сваё, роднае, трэба, як электрычным зарадам, радбудзіць яе любоўю, любасцю, замілаваннем, каб яна захлынулася ад любові, плакала, любіла да слёз. Пастаноўка фальклорнага абраду стварае сапраўднае свята, а вось аб’яднанне "Літаратурная творчасць” вывучае народны абрад, каб ён стаў крыніцай натхнення.
Нацыянальная самасвядомасць выхоўваецца праз паэтычную творчасць навучэнцаў, якая адкрывае прыгажосць духоўнай спадчыны народа праз творчае натхненне, што можа быць выклікана толькі адным пачуццём – пачуццём любові. А шчырая і моцная любоў перавыхоўвае, змяняе душу чалавека.
Так, у літаратурным аб’яднанні пішуцца творы пра каляду (дадатак 4), пра абрад "Гуканне вясны” з выкарыстаннем карціны А. Марачкіна "Гуканне вясны”, а таксама вершы па ўзоры народнай казкі (дадатак 5), вершы на ўзор народных загадак. Напісанню загадак дапамагае правядзенне гульняў "Што на што падобна”, "Гульня ў асацыяцыі”, "Адгадай прадмет”.
Навучэнцы, вывучыўшы народны абрад, складаюць кампазіцыю і сцэнарый фальклорнага свята, інсцэніруюць напісаныя імі песні, казкі на ўзор народных, робяць дэкарацыі і малюнкі да іх. (Дадатак 6).
Выкарыстоўваючы сувязь з іншымі мастацтвамі (сцэнічнае , музычнае мастацтва, жывапіс), педагог дабіваецца глыбіні ўспрымання духоўнай спадчыны народа навучэнцамі, якая здольна ўскалыхнуць самыя цудоўныя чалавечыя пачуцці, адкрыць праз фальклор саміх сябе ў гісторыі роднага краю.

VII. Вывучэнне беларускай прыроды з мэтай напісання вершаў аб родным краі

Прырода – гэта невычэрпная крыніца творчасці,
праз якую праяўляецца любоў да роднага краю.

Нечым блізкім, родным, сваім закранаюцца думкі і пачуцці навучэнцаў, калі ў аб’яднанні ідзе праца па напісанні вершаў і стылізацый аб роднай беларускай прыродзе. Можа растрывожыць душы навучэнцаў прынесены на заняткі букецік знаёмых палявых кветак. Вядзецца размова аб роднай літаратуры. Вось кветкі верасу – яго назву узяў за псеўданім слонімскі паэт А. Іверс, васілёк – сімвал Беларусі для М.Багдановіча, дуб – для Я.Коласа, сасна – для М.Танка, шыпшына – для У.Дубоўкі, пра чабор і медуніцу шмат напісаў П.Броўка…
Удумлівае вывучэнне роднай прыроды задавальняе інтарэсы навучэнцаў, бо прырода змяняецца, яна розная летам, восенню, зімой, вясной. Вось чаму назіранне за ёй – гэта важны элемент патрыятычнага выхавання. Кажуць, што свет прыроды фарміруе душу чалавека, адметнасць яго нацыянальнага характару. І з гэтым, відаць, трэба пагадзіцца. Душа нашага народа спакойная, лагодная, мудрая, ціхая, як і наша прырода.
Вялікае месца ў працы аб’яднання "Літаратурная творчасць” займаюць "вобразатворчыя” экскурсіі ў прыроду, дзе назапашваецца матэрыял для напісання вершаў. Прырода вывучаецца часта праз арганізацыю гульняў "Што на што падобна”, "Якога колеру неба?”, "Як спявае вецер?”, "Якога колеру бывае снег?”, "Я - сняжынка”, "Я – асенні ліст”, "Я – вясновае дрэва”, "Што мне сказала варона на снезе”, "Вясна – гэта не восень” і г.д. Абавязковай умовай такіх заняткаў, звязаных з роднай прыродай, з’яўляецца ўключэнне ў працу пяць пачуццёвых аналізатараў чалавека (слых, зрок, пах, смак, дотык), калі навучэнцы нешта цікавае ўбачаць, пачуюць, адчуюць водар, нават смак і дотык да пейзажнага элемента. Галоўнае – атрымаць глыбокія ўражанні, нават здзіўленне ад убачанага, ад параўнання пейзажаў, ад назірання за імі ў градацыі (змене, развіцці). А педагог выйграе, калі зловіць матэрыял агульных, калектыўных перажыванняў дзяцей. Такая экскурсія ў прыроду вучыць бачыць, назіраць,а педагог дапамагае знайсці мову для славеснага выражэння ўбачанага і пачутага. Гульні ж у асацыяцыі развіваюць роднасную ўвагу, калі ўвесь свет становіцца часцінкай майго "я”, а душа чалавечая расшыраецца да шматграннага наваколля прыроды. Гэта развівае творчае ўяўленне, якое з’яўляецца абавязковым элементам любога творчага працэсу. (Дадатак 7).
Навучэнцы, працуючы з пейзажам, адчуваюць сябе блізкімі з усім светам, яны маляўніча і эмацыянальна пішуць у вершах, перадаючы думкі і пачуцці ад паяднання з прыродай, бо, па словах М.Прышвіна, прырода "ачалавечваецца”, і пісьменнік, "пераступіўшы межы саёй асобы, расшыраецца як прырода”.
Вучоная М.А.Рыбнікава раіла: "Дзіця, ад якога чакаюць апісання восені, павінна ўбачыць яе, павінна нешта перажыць і ўсвядоміць. А як часта ў нас гавораць і пішуць супрацьлеглае таму, што стаіць перад вачыма…” [15, с.258].
Так праца па напісанні ў аб’яднанні вершаў аб прыродзе паглыбляе ўяўленні і свядомасць навучэнцаў адносна роднай прыроды, якую трэба берагчы, бо яна часцінка майго "я”.

VIII. Выхаванне на мясцовым матэрыяле

Выхаванне нацыянальнай свядомасці, гонару за сваю малую радзіму, грамадзянскай актыўнасці ў аб’яднанні вядзецца праз такі накірунак, як сацыялізацыя напісанага навучэнцамі. Сюды адносяцца публікацыі членаў аб’яднання ў раённых газетах "Слонімскі веснік” і "Газеце Слонімскай”, у Жыровіцкім праваслаўным часопісе для дзяцей "Колыбель”, а таксама праца па супрацоўніцтве аб’яднання з раённай бібліятэкай імя Я.Коласа, з дзіцячай гарадской бібліятэкай, са Слонімскім літаратурным аб’яднаннем імя Анатоля Іверса з мэтай прапаганды вучнёўскай творчасці і цеснага знаёмства навучэнцаў з літаратарамі-землякамі.
Так, за 15 гадоў існавання аб’яднання праводзіліся выступленні навучэнцаў з напісанымі вершамі ў музеі-кватэры М.І.Рылко "Беларускае мястэчка” , у Жыровіцкай абіцелі на сустрэчы з паэтам-манахам Зьнічам, бо для творчасці і выхавання патрэбны сустрэчы з духоўна багатай асобай, а таксама стварэнне атмасферы для творчасці (дадатак 10); у дзіцячай гарадской бібліятэцы г.Слоніма на свяце "Запалім свечку дабрыні, каб пасвятлела на зямлі і ў сэрцы” (свята "Дзяды” ў Слоніме), на свяце "Мае карані”(дадатак 6), на тыдні дзіцячай і юнацкай кнігі (дадатак 14);у раённай бібліятэцы імя Я.Коласа на сустрэчы з літоўскімі літаратарамі (дадатак 8), з мясцовымі паэтамі, з унучкай Я.Коласа (дадатак 9).
Вершы дзяцей друкаваліся ў "Настаўніцкай газеце”, у газеце "Раніца”.(Дадатак 11).
З 2001 па 2003 год аб’яднанне выдавала ўласную газету "Ветразь надзеі”, дзе друкаваліся творы дзяцей, педагогаў і творчых асоб. Газета ганаравана дыпломам II ступені ад ГА Таварыства Беларускай школы. (Дадатак 12).
Дзейнасць аб’яднання ідзе ў такім накірунку, як сустрэчы з захопленымі Радзімай людзьмі, з апантанымі беларускасцю асобамі. Пасля такіх сустрэч эмацыянальнае ўзрушэнне перадаецца навучэнцам праз паэтычнае слова, ствараючы малюнак роднай айчыны, яе прыгажосці, велічы любові да яе.(Дадатак 13).

IX. Заключэнне
Каб пераадолець сацыяльную абыякавасць і выхаваць у навучэнцаў любоў да Радзімы, грамадзянскую адказнасць за дзяржаву педагогам трэба пачынаць патрыятычнае выхаванне з сябе, са свайго ўласнага патрыятызму, бо ніякія інавацыі і сучасныя методыкі не здольныя замяніць асабістага прыкладу выкладчыка-патрыёта і грамадзяніна.
У наш час няпроста складваецца сітуацыя з нашай роднай беларускай моваю, аданак для тых, хто палюбіў сваё роднае слова на ўсё жыццё, хто аддана служыць яму і нясе крыж пакуты за Яго, беларуская мова стала яшчэ мілейшай, яшчэ даражэйшай і больш трапяткой.
" У чалавека, які дажыў да глыбокай старасці, спыталі, які самы галоўны ўрок ён вынес са свайго жыцця. Той адказаў, што калі быў малады, дык хацеў змяніць увесь свет, але гэта ў яго не атрымалася. Калі пасталеў, пачаў змяняць сваіх сяброў, але і гэта было марнай справай. І толькі на прыканцы свайго жыцця зразумеў, што змяняць трэба было з юначых гадоў самога сябе” (прытча). Вось чамуважна змяняць сябе, быць прыкладам самаахвярнага служэння роднай мове, для іншых праз адданасць і любоў да яе.
Галоўным вынікам любой праведзенай работы з’яўляецца яе эфектыўнасць. Эфектыўнасць сумеснай дзейнасці па выхаванні нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў праз паэтычную творчасцьвынікае з наступнага:
1)    дзецям падабаецца дадзеная дзейнасць, яна важная для іх, іх чаканні апраўдаліся, дзейнасць выклікае цікавасць;
2)     бацькі задаволеныя новай дзейнасцю сваіх дзяцей, падтрымліваюць іх выбар, іх чаканні таксама апраўдаліся;
3)    публікацыі вучняў, якія сведчаць аб эффектыўнасці працы: творы дзяцей друкаваліся і зараз друкуюцца ў "Настаўніцкай газеце”, газетах "Наша слова”, "Раніца”, "Слонімскі веснік”, "Газета Слонімская”, у часопісе "Бярозка”, дзіцячым праваслаўным часопісе "Колыбель”, у зборніку "Ад А да Я” (дадатак 11);
4)    паказчыкамі эфектыўнасці выхавання нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў з’яўляецца выніковасць удзелу ў конкурсах, узнагароды.
У рэзультаце - наступныя вынікі (за перыяд 2011 / 2012 года):
u    1 месца ў раённым этапе абласнога конкурсу "Роздум над творчасцю М.Танка”;
u    удзельнікі раённага этапа паэтычнага конкурсу, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (намінацыя "І ў сэрцы нарадзіўся спеў”);
u    удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў па літаратуры, якія праводзіліся ДУА "Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла” БДУ: 2011 год - навуковая праца па літаратуры "Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве”, падрыхтаваная Жмайлік Вікторыяй (пад кіраўніцтвам Трафімчык Т.У.) заняла 2 месца ў рэспубліцы;2012 год –праца "Святыя зямлі беларускай” – удзельнік Пятроўскі Генадзь;
u    удзельнікі раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці "Ратавальнікі вачыма дзяцей”;
u     удзельнікі літаратурнага конкурсу "Мой прадзед быў на вайне”;
u    удзельнікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу для дзяцей і падлеткаў "Выконваем законы дарог”;
u    удзельнікі раённай экалагічнай акцыі "Жыві, елка!”;
u    удзельнікі рэспубліканскай акцыі "Алімпізм і моладзь”, конкурс "Сачыненне на тэму "О, спорт! Ты - дойлід! Ты робіш нас моцнымі, спрытнымі…”.
5)    выдадзена 5 нумароў газеты "Ветразь надзеі” з вершамі і артыкуламі навучэнцаў і іх педагога. Усе нумары газеты "Ветразь надзеі” па просьбе Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі высланы ў яе архівы. (Дадатак 12);
6)    у 2012 годзе педагогам Трафімчык Т.У. быў распрацаваны вучэбна-метадычны дапаможнік "Навучанне лірыцы праз творчасць на занятках літаратурнага гуртка”, які накіраваны не толькі на рашэнне прыватнай задачы – развіцця творча-паэтычных здольнасцей дзяцей, але і вырашае цэлы шэраг важных агульнаграмадскіх і арульнапедагагічных аспектаў. (Дадатак 15).
Асноўныя палажэнні дадзенага вопыту абмяркоўваліся на пасяджэннях кафедры рускай і замежнай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы, дакладваліся аўтарам на Міжнародных Купалаўскіх чытаннях (Гродна, 1997 г.), на Рэспубліканскіх Купалаўскіх чытаннях (Гродна, 1999 г.); на Рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях "Актуальныя праблемы выкладання літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школе” (Гродна, 1999 г., 2002 г.); на навукова-практычных канферэнцыях у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце "Праблемы выкладання літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школе” (Гродна, 1997 г.), "Навучанне і вывучэнне беларускай літаратуры ў сярэдняй школе і ВНУ на аснове навуковай канцэпцыі літаратурнай адукацыі” (Гродна, 1998 г.), "Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школе” (Гродна, 2000 г.); на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Навукова-педагагічныя ідэі акадэміка М.А.Лазарука і шляхі іх увасаблення ў практыку выкладання літаратуры ў агульнаадукацыйных установах і ВНУ” (Мінск, 2006 г.).


Copyright © ЦДТ"Скарбница" 2007-- All Rights Reserved. | tsdtslonim@mail.ru

Назад к содержанию | Назад к главному меню